На тэрыторыі Пружанскага раёна на дзяржаўным уліку знаходзіцца 71 воінскае пахаванне і пахаванне ахвяр войн.
Штогод за кошт раённага бюджэта, сродкаў, сабраных на суботніках, і спонсарскай дапамогі праводзяцца работы па добраўпарадкаванні памятных мясцін, звязаных з ваеннай гісторыяй.
Сёлета запланавана правядзенне рамонтных работ на шэрагу такіх аб’ектаў. Так, ужо завершаны работы на помніку, які знаходзіцца на могілках у вёсцы Аранчыцы (пахаванне ахвяр войн № 4798). За кошт сродкаў, заробленых на раённым суботніку, умацавана, атынкавана і пафарбавана стрэла, устаноўлены новыя мемарыяльныя пліты з імёнамі пахаваных, прылеглая тэрыторыя выкладзена пліткай.
У брацкай магіле пахаваны мірныя жыхары вёсак Аранчыцы, Лінова, Варотнае, хутара Выдзерка, растраляныя нямецкімі акупантамі ў 1941 – 1944 гг., а таксама партызаны, загінуўшыя ў баях з захопнікамі.
Першапачаткова на магіле стаяў сціплы помнік, у 1971 г. за кошт сродках мясцовай гаспадаркі быў усталяваны бетонный абеліск. Да бягучага года былі вядомы імены толькі 15 вяскоўцаў, растраляных 4 чэрвеня 1942 г. Менавіта іх імёны былі пазначаны на невялікай мемарыяльнай дошцы. Дзякуючы пошукавай працы спецыялістаў аддзела культуры Пружанскага райвыканкама і Ліноўскага сельвыканкама былі ўстаноўлены імёны яшчэ 28 пахаваных. На сённяшні дзень ужо вядомы імёны 37 мірных жыхароў і 6 партызан, якія знайшлі апошні прытулак на аранчыцкіх могілках. Пошук звестак аб пахаваных у Аранчыцах вядзецца далей.
Работы па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў на Пружаншчыне працягваюцца.