29 кастрычніка 2023 г. у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзежнай творчасці адбыўся Першы Адкрыты танцавальны конкурс “Happy star dance fest”. У ім прынялі ўдзел шматлікія харэаграфічныя калектывы з розных куткоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі.
Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця і папулярызацыі харэаграфічнага мастацтва, выяўлення і падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі, усталявання творчых кантактаў, удасканалення выканальніцкага майстэрства і інш. Ён прайшоў у розных узроставых катэгорыях і намінацыях. Прафесійнае журы ацэньвала тэхніку выканання, харэаграфію і артыстызм удзельнікаў.
У гэтым прадстаўнічым конкурсе поспех садзейнічаў узорнаму ансамблю танца «Круцёлачкі» (кіраўнік А.В.Ільюшонак) Пружанскага гарадскога Палаца культуры. Творчы дзіцячы калектыў прадставіў танцы «Гномікі», «Ланцужок», «Сэрца беларуса» і атрымаў тры Дыпломы лаўрэатаў другой ступені ў намінацыі «Folk dance» ў розных узроставых катэгорыях. Трэба адзначыць, што ўзнагароды заваяваў як асноўны склад ансамблю, так і яго падрыхтоўчая група. Таксама была высока ацэнена праца кіраўніка калектыву Аксаны Васільеўны Ілюшонак, якой быў уручаны Дыплом у намінацыі «Лепшая работа харэографа».
Віншуем! Жадаем новых творчых здзяйсненняў!