8 лютага – Дзень памяці юнага героя-антыфашыста

У 1964 г. Міжнародная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый зацвердзіла 8 лютага Днём юнага героя-антыфашыста. Гэты дзень быў абраны ў памяць аб падлетках Даніэлі Феры, які загінуў падчас антыфашысцкага мітынгу ў Парыжы ў 1962 г., і Фадыле Джамале, закатаваным у турме Багдада ў 1963 г. Гэтыя падзеі адбыліся ў адзін дзень з розніцай ў год. Таксама вядома, што 8 лютага 1943 г. – гэта трагічныя даты для савецкай і французскай гісторыі: у г.Краснадон былі растраляны ўдзельнікі антыфашысцкай арганізацыі «Маладая гвардыя», у Парыжы нямецкія акупанты забілі 5 падлеткаў-падпольшчыкаў.

Менавіта гэтыя жудасныя супадзенні сталі адной з прычын аб’яўлення 8 лютага Днём памяці юнага героя антыфашыста.

Падчас Вялікай Айчынай вайны на Пружаншчыне загінула шмат дзяцей і падлеткаў. Многія з іх былі знішчаны за ўдзел у партызанскім і падпольным руху. Сярод іх – піянер-герой Ціхан Баран (04.04.1932 – 22.01.1944) з в.Байкі. Гэты хлопчык разам з сям’ёй удзельнічаў у антыфашысцкай барацьбе, з’яўляўся сувязным партызанскага атрада імя Кірава. 22 студзеня 1944 г., знаходзячыся на заданні ў роднай вёсцы, ён стаў сведкам яе спалення і трапіў ў палон да гітлераўцаў. Даведаўшыся, што Ціхан партызан, акупанты загадалі адвесці іх у атрад. Хлопчык доўга вадзіў ворагаў па лесе і завёў у балота. Нацысты растралялі юнага патрыёта, але і самым ім не ўдалося ўратавацца – амаль ўсе яны загінулі.

Памяць аб Ціхане Баране жыве. У г.Пружаны яго імем названа вуліца, а на доме ў в.Байкі, дзе ён жыў, усталявана памятная дошка.

Добавить комментарий