Гэта памятная дата ўсталявана таму, што 11 красавіка 1945 г. у Бухенвальдзе, адным з самых буйных нацысцкіх канцлагераў, пачалося ўзброенае паўстанне, арганізаванае інтэрнацыянальнымі сіламі вязняў супраць фашысцкіх катаў. Калі ў гэты ж дзень у лагер увайшлі амерыканскія салдаты, паўстанцы ўжо кантралявалі яго тэрыторыю. Вязні не толькі здолелі вызваліцца, яны зрабілі ўсё магчымае, каб нацысты не змаглі знішчыць сляды сваіх зверстваў. Потым паказанні зняволеных у Бухенвальдзе і іншых канцлагерах былі агучаны падчас міжнароднага Нюрнбергскага трыбунала, які асудзіў фашысцкіх злачынцаў.
Па розных падліках у канцлагерах, лагерах смерці, турмах, створаных гітлераўцамі, утрымлівалася каля 18 мільёнаў чалавек, з іх 11 мільёнаў – былі знішчаны.
Найбуйнейшымі канцлагерамі ў Беларусі былі Трасцянец, Азарычы, Колдычава, Чырвоны Бераг і інш.
На Пружаншчыне ў пачатковыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася некалькі месцаў прымусовага зняволення. Хутчэй за ўсё, гэта былі вязні філіялаў дулага 130 – нямецкага перасыльнага лагера для ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб, якія потым былі перавезены ў іншыя месцы ці загінулі. Вядома, што каля 1 тысячы ваннапалонных пахавана каля Слабудкі, а таксама недалёка ад станцыі Аранчыцы і ў брацкай магіле ў Ружанах.
Фота аўтара і з сеткі Інтэрнет.