Зберагчы культурную спадчыну

Звычайна, калі ў паўсядзённым жыцці мы ўжываем слова “музей”, то маем на ўвазе будынак з выставачнымі заламі і правядзенне экскурсій.

Але гэта толькі адзін з накірункаў дзейнасці, а найважнейшай місіяй музея з’яўляецца захаванне і папулярызацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Культурныя каштоўнасці, размеркаваныя па калекцыях, зберагаюцца у фондах музея, доступ да якіх абмежаваны.

Музейныя экспанаты знаходзяцца ў спецыяльных сховішчах, дзе падтрымліваецца пэўны тэмпературны, вільготнасны, светлавы і біялагічны рэжымы. Дзеля таго, каб музейным прадметам нішто не пагражала, перыядычна іх аглядаюць.

Напрыклад, зараз музей-сядзіба «Пружанскі палацык» праводзіць зверку экспанатаў. Супрацоўнікі ўжо праверылі калекцыю “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. У ёй сёння захоўваецца 228 прадметаў асноўнага фонду і 84 – навукова-дапаможнага. У калекцыі ёсць ручнікі, дываны, абрусы, сурвэткі, карціны, царкоўнае начынне і інш. Большасць гэтых каштоўных экспанатаў была перададзена ў музей жыхарамі горада і раёна.

Давайце ж зазірнем у “скарбніцу” Пружанскага палацыка і паглядзім на прыгажосць, створаную нашымі майстрыхамі ў ХХ стагоддзі! Магчыма, гэтыя ўнікальныя рэчы ў хуткім часе можна будзе ўбачыць на чарговай выставе ў музеі.

Добавить комментарий