Запрасіў «Ліноўскі гасцінец»

Такую назву насіла свята-фестываль, якое 30 ліпеня 2022 года адбылося ў аграгарадку Лінова Пружанскага раёна.

Ініцыятарам правядзення гэтага значнага мерапрыемства стаў Ліноўскі сельвыканкам.

Падчас свята было шмат віншаванняў і цёплых слоў ад старшыні сельвыканкама Таццяны Мардань, дырэктара ААТ «Ліноўскае» Васіля Казмерчука, настаяцеля аранчыцкага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга Аляксандра Мялешкі і інш. Былі ўшанаваны многія жыхары і сем’і, лепшыя работнікі арганізацый, удзельнікі студатрадаўскага руху.

Праграма фестывалю была вельмі насычанай. Народныя ўмельцы прадставілі гледачам свае творы. Жыхары запрасілі жадаючых на выставу-дэгустацыю «Ліноўскі пачастунак». Сваю прадукцыю прэзентавалі самыя буйныя арганізацыі, якія працуюць на тэрыторыі сельсавета, – ААТ «Ліноўскае», Аранчыцкая птушкафабрыка і хлебапрыёмнае прадпрыемства.

У свяце-фестывалі «Ліноўскі гасцінец» прынялі ўдзел мясцовыя сярэдняя школа, яслі-сад, дзіцячая школа мастацтваў і інш. Гледачы ўбачылі некалькі канцэртных праграм, падрыхтаваных калектывамі аматарскай творчасці Ліноўскага сельскага Дома культуры, у тым ліку народным фальклорным гуртам «Бабіна лета» і клубам танцавальнага фітнэсу «Нічога лішняга». Сваёй творчасцю прысутных таксама парадавалі артысты з Бярозаўскага раёна – народны тэатр народнага гумару «Спораўскі акалот». На школным стадыёне прайшлі спартыўныя спаборніцтвы па футболе.

Завяршылася мерапрыемства вячэрняй дыскатэкай і салютам. Яно стала сапраўднай падзеяй для жыхароў Ліноўскага сельсавета і шматлікіх гасцей.

Добавить комментарий