Яшчэ адна памятная дата:  да Міжнароднага дня памяці ахвяр фашызму

Штогод у другую нядзелю верасня сусветная супольнасць адзначае памятную дату, дзень жалобы, звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны 1939 – 1945 гг., – Міжнародны дзень памяці ахвяр фашызму. У 2022 г. гэта знакавая дата прыпадае на 11 верасня.

Міжнародны дзень памяці ахвяр фашызму быў уведзены рашэннем Арганізацыі Аб’яднаных Нацый дзеля захавання памяці аб дзесятках мільёнаў ахвяр фашызму і стаў адзначацца з 1962 г. Выбар такога дня быў невыпадковым. Менавіта на верасень прыходзіцца дзве звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай вайны даты – яе пачатак (1 верасня 1939 г. – нападзенне Германіі на Польшчу) і яе заканчэнне (2 верасня 1945 г. – капітуляцыя Японіі).

Вядома, што падчас Другой сусветнай вайны загінула больш за 55 мільёнаў чалавек. Найвялікшыя ахвяры панёс Савецкі Саюз, які страціў у выніку ваенных ліхалеццяў 27 мільёнаў чалавек.

Беларусь – адна з найбольш пацярпелых ад вайны краін свету. Таму гэты дзень вельмі актуальны для нашай краіны, якая ўдзяляе вялікую ўвагу захаванню памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Нездарма 2022 г. аб’яўлены ў рэспубліцы Годам гістарычнай памяці. Акрамя ўжо вядомых грамадскасці фактаў злачынстваў фашыстаў і па сённяшні дзень адкрываюцца новыя жудасныя праявы нямецкага тэрору. Новым штуршком да вывучэння падзей трагічнага мінулага стала праца ў рамках рэалізацыі Закона “Аб генацыдзе беларускага народа”.

Паводле афіцыйных звестак страты Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны цяжка падлічыць і ўсвядоміць.

За 1941 – 1944 гг. гітлераўцы правялі на нашай зямлі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх знішчылі 5454 вёскі. Сімвалам злачынстваў гітлераўцаў на беларускай зямлі стала в.Хатынь, спаленая разам з жыхарамі. Яе лёс падзялілі яшчэ 618 вёсак, 188 з якіх ужо нікогда не былі адноўлены (дадзеныя ўдакладняюцца).

На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў в.Трасцянец, дзе знаходзіўся адзін з самых буйных па колькасці знішчаных людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінулі 206500 чалавек. У 186 населеных пунктах былі створаны яўрэйскія гета. Беларускія вучоныя сцвяржаюць, што ў Беларусі за гады вайны было знішчана 715 тысяч яўрэяў.

Лічыцца, што ў перыяд акупацыі ў Германію на прымусовыя работы было вывезена каля 400 тысяч чалавек (у тым ліку 24 тысячы дзяцей).

Па дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў фашысцкіх захопнікаў усяго на тэрыторыі Беларусі было забіта 2219316 чалавек грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных. У цяперашні час даследчыкі сцвяржаюць, што з улікам ускосных страт за гады вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш мільёнаў жыхароў Беларусі – гэта значыць не менш, чым кожны трэці. 

На Пружаншчыне загінула каля 20 тысяч жыхароў. Больш за тысячу ваеннапалонных былі закатаваны ў 5 месцах прымусовага ўтрымання. Амаль поўнасцю загінула яўрэйскае насельніцтва, якое знаходзілася ў пружанскім і ружанскім гета. Вечным напамінам аб злачынствах ворагаў з’яўляюцца 57 пахаванняў вайны (у тым ліку 17 пахаванняў ахвяр фашызму). Каля 5 тысяч чалавек былі адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны, многія не вярнуліся. На франтах ваявалі звыш 8 тысяч пружанцаў, каля 2,5 тысяч загінулі ці прапалі без вестак. Больш чым за тры гады акупацыі нямецка-фашысцкія карнікі і іх памагатыя на тэрыторыі нашага раёна спалілі 134 населеныя пункты, 43 з іх не аднавіліся. Яны знішчылі і разбурылі больш за 7 тысяч жылых дамоў, звыш 10 тысяч гаспадарчых будынкаў (у тым ліку 17 школ, 2 бальніцы, 6 клубаў) і інш.

Аб падзеях вайны на тэрыторыі нашага раёна можна даведацца ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” і Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў, дзе працуюць тэматычныя выставы.

Добавить комментарий