Пружанскі гарадскі Палац культуры правёў шэраг святочных праграм у навагоднюю ноч і першы дзень 2022 года.
Так, у самую чароўную ноч года на пляцоўцы каля Воднага Палаца Дзед Мароз і Снягурка павіншавалі пружанцаў са святам. Там жа для ўсіх, хто вырашыў сустрэць Новы год разам з сябрамі на адкрытым паветры каля ёлкі, прайшла забаўляльная праграма. Усе жадаючыя маглі патанцаваць, пагуляць у розныя гульні, паспяваць вясёлыя песні. А ў Палацы культуры ў гэты час адбылася дыскатэка.
Вечарам 1 студзеня каля галоўнай гарадской ёлкі на плошчы па вул. Савецкай таксама было весела і цікава. Дзед Мароз і Снягурка правялі карагод вакол лясной прыгажуні, павіншавалі ўсіх з Новым годам, пачаставалі дзетак цукеркамі. На сцэне выступілі салісты ўзорнай эстраднай студыі «Мелодин» і вакальнага гуртка «Solo». Вядучая мерапрыемства забаўляла прысутных навагоднімі конкурсамі, гульнямі і танцамі. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі падарункі. Завяршыўся першы навагодні дзень святочнай дыскатэкай у Палацы культуры.