Жанна Мікалаеўна Верхавец – майстар па стварэнні пласкасных жывапісных кампазіцый з пластыліну. З дзяцінства яна любіла маляваць, але звязаць жыццё з мастацтвам не рызыкнула, таму што крытычна ставілася да сваёй творчасці. Пасля заканчэння школы Жанна Верхавец атрымала музычную адукацыю ў Пінскім педвучылішчы. Шмат гадоў яна працавала музычным кіраўніком у Ружанскім дзіцячым садзе, а потым загадчыкам клуба ў санаторыі “Ружанскі”.

Жанна Верхавец заўсёды знаходзіла час, каб ствараць кампазіцыі з пластыліну. Яна зрабіла каля сотні арыгінальных карцін – нацюрмортаў, пейзажаў, абстракцый. Мастачка прымяняе розныя прыёмы: аплікацыю, лепку асобнымі кавалачкамі, пластылінавы мазок, уліванне колеру ў колер і інш. У выніку атрымліваюцца пласкасныя, барэльефныя і выпуклыя карціны. Пэндзлем пры такім маляванні з’яўляюцца пальцы і падручныя інструменты – стэкі.

Работы самабытнага майстра можна ўбачыць на выставах рознага ўзроўню. Яна ўдзельнічала ў прафсаюзным конкурсе “Новыя імёны Беларусі”. Ладзіла персанальныя выставы: дзве ў сталічным Парку высокіх тэхналогій падчас міжнароднага інавацыйнага форуму “Навука і бізнэс”, у дзяржаўнай установе культуры “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў”. Аўтарскія выставы прайшлі ў шэрагу раёнаў Брэстчыны і Гродзеншчыны. З работамі мастачкі таксама можна пазнаёміцца на яе старонках у сацыяльных сетках.

ЖМ.Верхавец з задавальненнем прымае ўдзел у разнастайных праектах, праводзіць майстар-класы, знаёміць аматараў мастацтва са сваёй творчасцю.