Увайдзіце ў “Райскі сад”

З 17 жніўня 2022 года ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе перасоўная выстава “Райскі сад”, на якой прадстаўлены творы мастацкага тэкстылю маладых беларускіх мастакоў і дызайнераў. Гэта праект таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белбрэндаўдыт” у рамках творчай ініцыятывы “Арт Лакацыя”.

У музеі можна ўбачыць работы Хрысціны Высоцкой, Наталлі Лісоўскай, Веранікі Рассыльнай, Аліны Самсонавіч, Аліны Швайбовіч, Мар’яны Карповіч, Аляксандры Наркевіч, Марыны Грудзінавай, Веранікі Грынцэвіч, Марыі Разумовіч, Алены Пухоўскай, Алены Круковіч, Судэ Дадраса (Іран / ЗША), Мануэля Вандла (Аўстрыя) і STEFAN “SecretSpaces” (Германія).

Часткай выставачнага праекта “Райскі сад” таксама з’яўляецца міжнародны праект сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыа “Тут, там і паўсюль” Хрысціны Высоцкай. Праз прызму сучаснасці маладыя аўтары звяртаюцца да адвечных пытанняў жыцця і агульначалавечых каштоўнасцей, уздымаюць тэмы прыгажосці, сілы прыроды і ўсяго жывога, закранаюць біблейскія сюжэты. Творы ўдзельнікаў праекта адлюстроўваюць новы погляд на старадаўнія традыцыі мастацтва тэкстылю, яго пераасэнсаванне ў іншых накірунках мастацтва і мікс-медыа.

У праекце на першы план выходзіць ідэя шматпланавасці сучаснага мастацтва тэкстылю. Мастак ставіць перад сабой творчыя задачы і вырашае іх самымі нечаканымі сродкамі. Мэта праекта заключаецца ў паказе ўнікальнага бачання мастацтва тэкстылю, непаўторнага стылю і духу творчасці кожнага аўтара.

Выстава “Райскі сад” будзе працаваць у палацыку да 1 кастрычніка. Запрашаем наведаць музеі-сядзібу “Пружанскі палацык” і адрымаць станоўчыя эмоцыі ад выставы.

 

Добавить комментарий