7 жніўня свята вёскі адзначылі ў Вялікіх Якавічах. Аднавяскоўцаў, гасцей і артыстаў з гэтай нагоды гасцінна сустрэла мясцовая аграсядзіба “Стасіна хата”.
Па традыцыі свята пачалося з урачыстай часткі. Прысутных прывіталі і пажадалі здароўя і дабрабыту старшыня Пружанскага сельвыканкама Алена Краўчук, стараста вёскі Аляксандр Каляда і начальнік участка “Белавусаўшчына” Юрый Русак. Былі адзначаны старэйшыя жыхары, юбіляры і тыя, для каго 2022 год стаў знакавым.
Вялікую і разнастайную канцэртную праграму для прысутных падрыхтавалі салісты і вакальны гурт “Забава” пружанскага аўтаклуба, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Белавусаўшчынскага сельскага Дома культуры. Публіка з задавальненнем падтрымлівала выступленні артыстаў.
Напрыканцы мерапрыемства ўладальнікі аграсядзібы Васіль і Галіна Цабрукі запрасілі аднавяскоўцаў і гасцей пачаставацца караваем, салодкай выпечкай і чаем.
Свята сапраўды ўдалося. Таму што вёска – гэта вялікая сям’я, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго, падтрымліваюць і дапамагаюць, радуюцца поспехам і спачуваюць няўдачам.