Шлях да здаровага ладу жыцця

Клубныя ўстановы Пружаншчыны працягваюць рэалізацыю аздараўленчага праекта “Хай заўсёды будзе заўтра”.

У авангардзе дадзенай работы ў пачатку красавіка вызначыўся Вялікасельскі сельскі Дом культуры. Установа правяла інфармацыйную гадзіну для падлеткаў “Наркотыкі – шлях у нікуды”. Работнікі культуры пазнаёмілі прысутных з гісторыямі людзей, якія ўжывалі наркотыкі, прывялі статыстычныя дадзеныя, паказалі відэасюжэты, расказалі аб прававой адказнасці. Аповед дапоўніў загадчык фельчарска-акушэрскага пункта, які паведаміў аб розных спосабах уцягвання моладзі ў нарказалежнасць і наступствах, якія іх чакаюць. Дом культуры таксама зладзіў акцыю “Кідай Інтэрнет, сядай на веласіпед!”. Да яе далучыліся людзі рознага ўзросту. Яны праехалі на веласіпедах па аграгарадку і наваколлі. Да таго ж Дом культуры разам з вучнямі пачатковых класаў паўдзельнічалі ў спартыўнай праграме “Узрост гульням не перашкода”. Дзеці і дарослыя спаборнічалі ў эстафетах, баскетболе, скоках, перацягванні каната, адгадванні загадак.

У Роўбіцкім сельскі Доме культуры для мясцовых рабят выступіла агітацыйная брыгада з “Казкай пра здаровы лад жыцця”.

Работнікі Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі правялі ўрок “Формула здароўя” для ўдзельнікаў гуртка “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, які працуе ў Цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.

Размова “Здаровы лад жыцця і звычкі чалавека” і акцыя “Мы за здаровую будучыню!” прайшлі ў Слабудскім сельскі Доме культуры.

Незабруджанае наваколле таксама з’яўляецца адной з умоў захавання здароўя чалавека, і ён сам павінен рабіць усё магчымае, каб зберагчы прыроду. Менавіта такую ідэю неабходна было ўвасобіць удзельнікам экалагічнага конкурсу дзіцячых малюнкаў “У кроплі вады адлюстроўваецца свет”, які 3 – 8 красавіка праходзіў у Мураўскім сельскім Доме культуры.

Не засталіся ўбаку ад агульнай справы і падлеткі, якія наведваюць ўзорны клуб “Teens-формат”. Да Сусветнага дня здароўя, які адзначаецца 7 красавіка, рабяты правялі інфармацыйную акцыю ў родным горадзе. Яны раздавалі пружанцам лістоўкі пра здаровы лад жыцця, жадалі ўсім вясновага настрою і здароўя.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий