Ружанскія «Чатыры чацвяргі»

Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў працягвае ліпеньскі праект «Чатыры чацвяргі», у якім распавядае аб цікавых музейных прадметах.

Адным з такіх незвычайных экспанатаў з’яўляецца швейная машынка з ручным прывадам «Titan» вытворчасці фірмы «Winselmann» (Германія). Дарэчы, тавары гэтай кампаніі не вельмі часта можна сустрэць на нашых тэрыторыях, яны з’яўляюцца калекцыйнай рэдкасцю.

Вядома, што да Другой сусветнай вайны ў Германіі было шмат розных заводаў па вытворчасці швейных машын. Гісторыя ружанскага экспаната пачынаецца ў г.Альтэнбург, дзе тры падмайстры Леапольд Оскар Дзітрых, Герман Кёлер і Густаў Вінзельман у 1871 годзе заснавалі вытворчасць «Dietrich&Co». Іх першая мадэль была выпушчана ўжо праз некалькі месяцаў пад назвай «Allemannia» і да канца года ў продаж трапіла каля 300 швейных машын. У 1873 годзе Дзітрых выйшаў з супольнасці, і кампанія атрымала новую назву «Köhler&Winselmann». У 1891 годзе Густаў Вінзельман пачаў працаваць самастойна і заснаваў уласны завод «Gustav Winselmann Gmbh.». Яго фірма мела поспех, вытворчасць пашыралася. Да 1913 года Вінзельман выпусціў каля мільёна швейных машын розных тыпаў, у тым ліку мадэль «Titan». Пасля Другой сусветнай вайны кампанія «Winselmann» спыніла існаванне.

Экспанат, які сёння захоўваецца ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў быў выпушчаны на рубяжы ХІХ – ХХ стагоддзяў. Гэта надзейная і даўгавечная машынка. Яна і зараз знаходзіцца ў рабочым стане! Што ж яна ўяўляе? На драўлянай падстаўцы машыны змешчана сантыметровая стужка, а таксама спецыяльны адсек для захавання нітак, шпулек, запасных іголак і іншых неабходных для шыцця дробязяў. Для зручнасці транспарціроўкі і захаванасці машынка мае драўляны каўпак з ручкай, каб кравец мог узяць яе куды неабходна.

Швейная машынка знаходзіца ў экспазіцыі музея, прысвечанай гісторыі мястэчка Ружаны.

 

Добавить комментарий