“Палацык” запрасіў прайсці сцяжынкамі Мікалая Тарасюка

20 мая музей-сядзіба “Пружанскі палацык” у чарговы раз прыняў удзел у штогадовай міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. Сёлетняя вечарына пад назвай “Сцяжынкамі Мікалая Тарасюка” была прысвечана творчасці знакамітага земляка, Народнага майстра Рэспублікі Беларусь М.В.Тарасюка, якому ў гэтым годзе споўнілася б 90 гадоў.

Задало тон мерапрыемству выступленне народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка» (Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры). Сваёй творчасцю гледачоў таксама парадавалі народны фальклорны гурт “Бабіна лета” (Ліноўскі сельскі Дом культуры) і фальклорны калектыў Дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны.

У ходзе мерапрыемства наведвальнікі музея пазнаёміліся з прэзентацыяй аб жыцці і творчасці разьбяра, якую падрыхтавалі спецыялісты раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Успамінамі аб Тарасюку падзялілася Народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая, якая неаднойчы бывала ў Стойлах.

Госці свята таксама наведалі выставу “Чалавек. Зямля. Дрэва” і пазнаёміліся з творамі самабытнага майстра, якія захоўваюцца ў фондах музея.

У ходзе мерапрыемства адкрылася выстава “Рукатворны шлях”, на якой прадстаўлены побытавыя ручнікі першай паловы XX ст., якія перададзены ў музей жыхарамі раёна.

Напрыканцы вечарыны адбыўся прагляд дакументальнага фільма беларускага рэжысёра Віктара Аслюка “Драўляны народ”.

Да новых сустрэч у “Пружанскім палацыку”!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий