Харытановіч Таццяна Міхайлаўна,
загадчык

225182 Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён,
аг. Кабылаўка, вул. Цэнтральная, 3

тэл. 8(01632) 6 08 03

e-mail: novoselki_dk@pruzhany.by

Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры гасцінна расчыніў свае дзверы ў 1990 годзе. У 2006 годзе пасля капітальнага рамонту будынак і памяшканні набылі прыгожы эстэтычны выгляд. Глядзельная зала абсталявана камплектам гукаўзмацняльнай апаратуры, светлавым асвятленнем. Зала разлічана на 260 пасадачных месцаў.

У зону абслугоўвання Дома культуры ўваходзяць вёскі Навасёлкі, Смаляніца, Асятніца, Комлішча, Скорцы.

Для таго каб вольны час жыхароў аграгарадка Кабылаўка напоўніць цікавым, разнастайным і карысным зместам, пры Доме культуры працуюць калектывы аматарскай творцасці.

У дзіцячым тэатральным калектыве “Маска” пачынаючыя артысты ставяць урыўкі з п’ес, спектаклі па казках, рыхтуюць тэатралізаваныя прадстаўленні, актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах.

З задавальненнем дзеці наведваюць студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Пацешкі” і гурток “Майстрыха”. Пад кіраўніцтвам Яроцкай Л.М. і Паўлючык Л.Я. дзеці вывучаюць прыёмы ткацтва, вышыўкі, майструюць вырабы з прыроднага матэрыялу. Работы ўдзельнікаў гурткоў радуюць вока  гледачоў на мясцовых і раённых выставах.

З задавальненнем дзеці і моладзь наведваюць аматарскае аб’яднанне “Тапатушкі”, якое знаёміць іх з народнымі традыцыямі сваёй мясцовасці, побытавымі танцамі, песнямі, абрадамі і святамі.

Для дарослага насельніцтва пры Доме культуры працуюць аматарскія аб’яднанні “Гаспадынька” і “Благасць”. Дзейнасць аб’яднанняў накіравана на арганізацыю вольнага часу дарослых, развіццё іх творчых здольнасцей, выхаванне духоўнасці, пашырэнне кола зносін.

Адным з найбольш яскравых носьбітаў і захавальнікам мясцовых абрадавых традыцый з’яўляецца народнае аматарскае аб’яднанне “Смаляначка”, якому ў 2018 годзе прысвоена найменне “народны”.

За дасягненні лепшых паказчыкаў ў сацыяльна-эканамічным развіцці Пружанскага раёна па выніках за 2016 год Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры был занесены на Дошку гонару Пружанскага раёна.