Якаў Сямёнавіч Малайчук (15.09.1944 – 25.10.2015) – харавы дырыжор, педагог, краязнаўца.
Якаў Сямёнавіч нарадзіўся ў в.Дзераўная Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька загінуў на вайне ў 1945 годзе.
У 1961 г. Якаў закончыў Імянінскую сярэднюю школу. Пасля заканчэння Брэсцкага музычнага вучышча (дырыжорска-харавое аддзяленне) і службы ў арміі ў 1968 г. Я.С.Малайчук пачаў працоўную дзейнасць дырэктарам Ружанскай дзіцячай музычнай школы. У 1973 г. ён скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут культуры імя Н.К.Крупскай па спецыяльнасці “кіраўнік самадзейнага харавога калектыву”.
Больш за 35 гадоў (з 1971 г. па 2005 г.) ён узначальваў Пружанскую дзіцячую школу мастацтваў, пасля некаторы час працаваў педагогам. У гэты перыяд у школе з’явіліся харавое, харэаграфічнае (1986 г.) і мастацкае (1988 г.) аддзяленні, павялічылася колькасць спецыяльнасцей на музычным аддзяленні, была створана большасць творчых калектываў.
Пры ўдзеле Якава Сяменавіча быў адкрыты шэраг музычных школ раёна, а Пружанская музычная школа стала адной з лепшых у вобласці. У 1978 г. установе было прысвоена імя Рыгора Раманавіча Шырмы. У 1982 г. да 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага земляка па ініцыятыве Я.С.Малайчука ў школе быў створаны мемарыяльны пакой-музей Р.Р.Шырмы.
Якаў Малайчук быў чалавекам неабыякавым да песні, музычнага мастацтва, з’яўляўся сапраўдным знаўцам і прапагандыстам творчасці знакамітага земляка Народнага артыста СССР Шырмы. Шмат спраў зрабіў для ўвекавечвання яго памяці. У 2012 г. у эфір тэлерадыёкампаніі “Брэст” выйшла перадача “Край з Міколам Пракаповічам”, у якой Якаў Сяменавіч расказаў пра жыццевы і творчы шлях Шырмы, правёў экскурсію па малой радзіме славутага земляка – в.Шакуны.
Малайчук шмат гадоў займаўся вывучэннем спадчыны Р.Р.Шырмы. Фактычна ён стаў прадаўжальнікам яго справы на Пружаншчыне – арганізатарам харавых калектываў, папулярызатарам харавога мастацтва. Ён зберагаў беларускую культурную песенную спадчыну, перадаваў яе дзецям.
У 1976 г. пры Пружанскім Доме культуры Якаў Малайчук стварыў гарадскі хор, які ўзначальваў да 1992 г. Народны камерны хор дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Шырмы г.Пружаны, якім з 2003 г. кіраваў Я.С.Малайчук, пастаянна ўдзельнічаў у раённых і абласных святах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Выступаў у Мінску, Брэсце, Віцебску, на канцэртных пляцоўках Рэспублікі Польшча.
Дзейнасць Якава Малайчука неаднаразова адзначалася граматамі і падзякамі розных узроўняў, у тым ліку граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 1999 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 703 Якаў Сямёнавіч быў узнагароджаны медалём “Францыска Скарыны”. Ён унес вялікі ўклад у развіцце культуры і вакальна-харавога мастацтва Пружаншчыны.
25 кастрычніка 2015 года Я.С.Малайчук пайшоў з жыцця. Пахаваны ў Пружанах.