Марыя Мікалаеўна Кулецкая – адзіны ў Пружанскім раёне ўладальнік звання “Народны майстар Рэспублікі Беларусь” (з 2009 г.). Яна таксама з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці (з 2006 г.), грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёна “Белавежская пушча” і Брэстчыны “ТУР” (з 2008 г.).

Марыя Кулецкая нарадзілася 26 лістапада 1950 г. у в.Навасёлкі. Вучылася ў мясцовай школе, потом – мастацкім вучылішчы ў Бабруйску (спецыяльнасць “майстар альфрэйна-жывапісных работ”), Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Працавала мастаком-афарміцелем у Пружанскім Палацы культуры, аўтапарку, бібліятэкарам у раённай дзіцячай бібліятэцы.  Пасля выхаду на пенсію ў 2006 г. стварыла студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка” (з 2018 г. – узорная) у Пружанскім гарадскім Палацы культуры. Зараз на заслужаным адпачынку.

Трэба адзначыць, што цікавасць да творчасці праявілася ў Марыі з дзяцінства. Яна расла ў асяроддзі таленавітых людзей. Уплыў бацькоў – вясковых інтэлігентаў Мікалая Рыгоравіча і Еўдакіі Мікітаўны Клімашэвічаў – стаў вызначальным у яе лёсе. Яны прывілі дачцэ пачуццё прыгожага, пазнаёмілі з першымі мастацкімі навыкамі, навучылі бачыць незвычайнае навокал. Бацька сам вырабляў мэблю, плёў з лазы і саломы, займаўся садоўніцтвам і пчалярствам, добра іграў на мандаліне, спяваў, танцаваў, ведаў некалькі замежных моў. Маці таксама творчы чалавек – вяжа, вышывае, пляце, спявае, збірае матэрыялы па гісторыі сям’і і Пружаншчыны. Пра такіх як М.М.Кулецкая ў народзе кажуць – мае “залатыя рукі”. Яна добра знаёма з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – пляценнем, вышыўкай, ткацтвам, выцінанкай, лепкай, аплікацыяй і інш. Але найбольшую вядомасць ёй прынеслі “маляванкі”, якімі майстрыха займаецца больш за 20 год. Дзякуючы ёй, “шкляныя карціны” сёння сталі новым своеасаблівым сімвалам Пружан.

Марыя Кулецкая адной з першых у Беларусі стала адраджаць гэта забытае традыцыйнае народнае мастацтва. Народны майстар кажа так: “Такія карціны даўно выйшлі з моды. Нехта іх выкінуў, нехта вынес на гарышча. Я вырашыла, што такі від мастацтва не павінен знікнуць, яго неабходна захаваць для нашчадкаў. Усё ж карціны на шкле – гэта частка нашай культуры, але пра гэты пласт беларускага мастацтва многія нават не чулі”.

Сёння многія мастакі і аматары выконваюць карціны на шкле, але “маляванкі” Кулецкай займаюць сярод іх асобнае месца, маюць істотныя адрозненні. Добра валодаючы акадэмічнай манерай мастацкага пісьма, яна на першае месца ў сваіх творах ставіць натуральнасць і аўтэнтызм. За нібыта простым выкананнем, не вельмі глыбокім сюжэтам, нескладанай каляровай гамай, хаваюцца сапраўдныя мастацкія творы. Яе “шклінкі” не ўспрымаюцца як штосьці спрошчанае і беззмястоўнае. За гэтай “прастатой” бачыцца народны густ, пачуццё меры, дасканалае валоданне тэхнікай, паважлівае стаўленне да сюжэтнай лініі і матэрыялу (шкло, фальга, туш, гуаш). Нягледзячы на тое, што прыкладам для творчасці М.Кулецкай былі работы самадзейных мясцовых майстроў сярэдзіны ХХ ст., яе творы не сталі капіраваннем даўніх узораў. Пружанская мастачка, адштурхнуўшыся ад прыёмаў і метадаў традыцыйных ”вясковых маляванак”, прафесійна пераасэнсавала лепшыя прыклады народнай творчасці і фактычна вывела гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на якасна новы ўзровень, дазволіўшы яму арганічна ўпісацца ў сучаснае жыццё, адначасова захоўваючы непарыўную сувязь з мінуўшчынай.

Марыя Мікалаеўна – нястомны папулярызатар мастацтва, які шчодра дорыць свае веды і творчасць людзям. Яе з радасцю сустракаюць у дзіцячых садах і школах, бібліятэках і музеях, сацыяльным прытулку і аграрна-тэхнічным каледжы і інш., дзе яна праводзіць сустрэчы і вучыць ствараць прыгажосць. Свае майстар-класы яна ладзіць на многіх культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, у тым ліку за мяжой.Майстар вядзе актыўную выставачную дзейнасць. Яе работы ўдзельнічаюць у вернісажах Беларускага саюза майстроў народнай творчасці “Вясновы букет” і “Калядныя ўзоры”, Днях беларускай пісьменнасці, святах працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і інш. У 2006, 2007 і 2009 гг. майстар была запрошана на міжнародныя фестывалі-кірмашы народных майстроў у Польшчы – “Кірмаш зубра” (г.Гайнаўка), “Купальская ноч чароўная” (г.Белавежа), Ягелонскі кірмаш (г.Люблін). У 2006 г. яна стала лаўрэатам ІІ-й нацыянальнай выставы народнага мастацтва (г.Мінск). У 2008 г. разам з іншымі майстрамі Брэстчыны выстаўляла свае творы ў Палацы Рэспублікі (г.Мінск), яе працы ўпрыгожвалі рэгіянальны эканамічны форум у Гайнаўцы (Польшча). У 2009 г. удзельнічала ў VI-м міжнародным Падляска-Палескім фестывалі аўтэнтычнага фальклору “Там на маёвуй росі” (г.Бельск-Падляскі) і Горадзе майстроў, дзе стала пераможцам І-га конкурсу беларускіх маляванак і дывановага роспісу “Райскі сад” XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Майстар з вучнямі ў 2009 г. таксама ўдзельнічала ў фестывалі “Легенды, традыцыі, абрады” (г.Белавежа). У гэтым жа годзе работы М.Кулецкай былі прадстаўлены на перасоўнай выставе майстроў народнай творчасці “Вандроўка па Палессі”, якая аб’ехала ўсю Брэстчыну і Усходнюю Польшчу. Неаднойчы персанальныя выставы работ Марыі Кулецкай, а таксама разам з дачкой Народным майстрам Ірынай Мамановіч і вучнямі праходзілі ў розных установах раёна, вобласці, рэспублікі – Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці, музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў, Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Музеі малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (Польшча). Яе работы сёння захоўваюцца ў фондах многіх музеяў Беларусі (найбольш – у “Пружанскім палацыку”) і Польшчы, прыватных калекцыях. У 2010 г. работы Народнага майстра “Пружанскі палацык” і “Муха і Вец” сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу “Лепшы беларускі сувенір”, а ў 2017 г. – творы былі адзначаны дыпломам І-й ступені абласнога конкурсу сувеніраў “Берасцейскі падарунак”.  Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр у 2012 г. выдаў насценны каляндар, аформлены выявамі “маляванак” Марыі Кулецкай. У 2017 г. Марыя Мікалаеўна ўдзельнічала ў стварэнні батлейкі для культуранага цэнтра “Стулы” (Пружанскі раён). Кулецкая не толькі выдатны майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і мастак, які стварае жывапісныя і графічныя работы. Сёння насценныя роспісы і афармленні інтэр’ераў, выкананыя Марыяй Кулецкай, можна ўбачыць у многіх установах раёна. З яе работамі, якія друкаваліся на старонках рэспубліканскіх выданняў – “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Маладосць”, “першацвет”, “Бярозка”, пазнаёміліся шматлікія чытачы. Творчасць майстра цікавіць даследчыкаў і аматараў. Матэрыялы аб Марыі Мікалаеўне Кулецкай друкавалі беларускія і еўрапейскія выданні. Звесткі аб ёй ўтрымліваюцца ў рэспубліканскай энцыклапедыі “Кто есть кто” (2009 г.). Творчасць майстра адзначана шматлікімі ўзнагародамі – толькі гарамат, падзяк і дыпломаў у яе больш за 70! Марыя Кулецкая неаднаразова станавілася героям сюжэтаў на тэлебачанні. Галоўная мэта майстра – захаваць і перадаць нашчадкам спадчыну, якая дасталася ад нашых продкаў.