Дзень радасці і смутку

12 – 17 ліпеня 1944 г. тэрыторыя Пружанскага раёна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Закончыўся больш чым трохгадовы перыяд акупацыі. Доўгачаканую свабоду прыняслі войскі Чырвонай Арміі, здабылі партызаны і падпольшчыкі, увесь беларускі народ.

17 ліпеня пружанцы адзначаюць вызваленне горада і раёна ад гітлераўцаў. Але гэта дата не толькі дзень радасці, але і смутку. Менавіта 17 ліпеня 1942 г. на тэрыторыі сучаснага Мокраўскага сельсавета адбылася вялікая трагедыя – нямецкія карнікі знішчылі мужчынскае насельніцтва з 16 гадоў (па іншых звестках – 14), адпомсціўшы так за знішчэнне партызанамі камендатуры ў в.Руднікі Паводле розных падлікаў у брацкіх магілах у вёсках Казлы, Краснае, Нямковічы, Сілічы пакояцца ад 300 да 700 чалавек (імёны многіх невядомы) – бязвінных ахвяр фашысцкага рэжыму. Сярод пахаваных таксама жыхары Клепачоў, Пасталова, Ліхачоў, Котры, Пескаў, Устроні, Чорных Лозаў, Ліхасельцаў і інш.

Дакументы і ўспаміны мясцовых жыхароў сведчаць, што ў ліпеньскі дзень 1942 г. акупанты не спыніліся на крывавых расправах, яны спалілі вёскі, прымусіўшы застаўшыхся ў жывых вяскоўцаў – жанчын і дзяцей – шукаць сабе прытулак.

Падчас сумеснай працы, якую працягваюць пракуратура Пружанскага раёна, Пружанскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і аддзел культуры райвыканкама, было ўстаноўлена, што ў перыяд Вялікай Айчынай вайны на тэрыторыі сучаснага Мокраўскага сельсавета было спалена 28 населеных пунктаў, 9 з якіх не аднавіліся – хутары Дабраволя-1, Дабраволя-2, Клеткі, Мар’ямпаль, Навоз, Рукавец, Сычоўка, Устронь, Чорныя Лозы. У розных гістарычных крыніцах знойдзены звесткі, што ў ліпені 1942 г. гарэлі Залессе, Клепачы, Клеткі, Казлы, Краснае, Кушлі, Ліхачы, Нямковічы, Пескі, Пасталова, Сілічы, Труханавічы, Устронь, Чорныя Лозы. Але гэта былі не першыя ахвяры акупацыйнага рэжым. Яшчэ ў жніўні і восенню 1941 г. фашысты палілі Дабраволю-1 і Дабраволю-2, Замошша, Касіншчыну, Мар’ямпаль, Навоз, Рукавец, Сычоўку. Падчас вайны таксама часткова былі спалены Агатова, Бельчыцы, Баравікі, Руднікі, Янаўцы.

Беларусы заплацілі за сваю свабоду вялікую і страшную цану – жыцці мірных людзей і воінаў, разбураныя гарады і вёскі, знішчаная гаспадарка і разрабаваныя культурныя каштоўнасці.

Добавить комментарий