Да 130-годдзя з дня нараджэння Рыгора Раманавіча Шырмы

Рыгор Раманавіч Шырма (псеўданімы – Р.Баравы, Вучыцель) (21 (08).01.1892 – 23.03.1978) – беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, этнограф, грамадскі дзеяч, публіцыст, латаратуразнаўца.

Нарадзіўся ў в.Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі ў сялянскай сям’і. Бацькі, Раман Васільевіч і Тэадора Дзям’янаўна, любілі спяваць. Першыя песні былі запісаны менавіта ад іх, а таксама ад цётак Захвеі Хвораст (в.Кацёлкі) і Ганны Шырмы, дваюраднай сястры Алесі Шырмы, жыхаркі в. Шані Вольгі Засім і інш.

З ранніх гадоў Рыгор працаваў з бацькамі па гаспадарцы. Пачатковую адукацыю атрымаў у “школе граматы” ад наёмных настаўнікаў. Пасля вучыўся ў Пружанскім гарадскім вучылішчы (1905 – 1910). У Пружанах ён праявіў выдатныя здольнсці да навук і мастацкай творчасці – іграў у аркестры на мандаліне, спяваў у вучнёўскім хоры. У 1911 – 1912 гг. Р.Шырма прадоўжыў адукацыю на двухгадовых педагагічных курсах у Свянцянах. Пасля іх заканчэння працаваў у Лідскім і Свянцянскім паветах Віленскай губерні. У 1914 г. Рыгор Раманавіч паступіў на літаратурны факультэт Седлецкага настаўніцкага інстытута (Польшча). У час першай сусветнай вайны разам з эвакуіраваным інстытутам трапіў у Маскву, а потым – Яраслаўль і Варонеж (закончыў у 1918 г.).

Напрыканцы вайны быў мабілізаваны ў армію. Закончыў Чугуеўскае ваеннае вучылішча. Служыў у званні прапаршчыка ў Туркестане.

У 1918 г. па накіраванні Народнага камісарыята асветы РСФСР арганізаваў школу ў в.Новагольскае Новахапёрскага павета Варонежскай губерні, дзе апынуліся яго бацькі падчас бежанства. Працаваў дырэктарам школы, выкладаў літаратуру, псіхалогію, педагогіку і славеснасць, адначасова загадваў валасным аддзелам адукацыі і культуры. Арганізаваў школьную бібліятэку, хор, драматычны гурток. У Навагольскім ён ажаніўся з Клаўдзіяй Іванаўнай Раеўскай, якая выкладала ў школе матэматыку. Яна захапілася беларускай песняй і потым на працягу 30 год спявала ў капэле, створанай мужам. У шлюбе нарадзіліся дачка Алена і сын Расціслаў.

У чэрвені 1922 г. падчас рээвакуацыі жыхароў Заходняй Бкларусі з РСФСР Шырмы вярнуліся ў Шакуны. З-за таго, што Рыгор адмовіўся запісацца палякам, яму не выдалі пашпарт (атрымаў у 1925 г.) і забаранілі займацца педагагічнай дзейнасцю. Каб пракарміць сям’ю Шырма працаваў на лесараспрацоўках, адкуль яго звольнілі як неблаганадзейнага. З канца 1922 г. па 1926 г. Рыгор Раманавіч быў рэгентам-псаломшчыкам у саборы Аляксандра Неўскага ў Пружанах, у 1924 г. арганізаваў у горадзе хор. “Беларускія вечаныны”, якія ладзіў хор, карысталіся вялікай папулярнасцю.

У 1926 г. Рыгор Раманавіч пераехаў у Вільню і пачаў супрацоўнічасць з сакратарыятам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Уладкаваўся на працу выхавацелем, а потым настаўнікам спеваў і літаратуры ў Віленскую беларускую гімназію, дзе стварыў хор. У гэты ж час ён арганізаваў народную капэлу ў Дзяляцічах (Навагрудчына). З 1928 г. Рыгор Шырма стаў працаваць у Віленскім універсітэце, дзе таксама кіраваў хорам. Ён ініцыяваў правядзенне “Вечарын славянскай песні”, у якіх ўдзельнічалі кампазітар К.Галкоўскі, спявак М. Забэйда-Суміцкі, паэт Максім Танк і інш. У 1928 – 1937 гг. Рыгор служыў рэгентам у Прачысценскім саборы Вільні. У 1931 г. стварыў хор Беларускага студэнцкага саюза.

Увесь перыяд сваёй дзейнасці, пачынаючы з 1910 г., Рыгор Шырма займаўся збіраннем, вывучэннем і папулярызацыяй беларускага народна-песеннага фальклору. На жаль, першыя запісы, сабраныя земляком, не захаваліся (згарэлі ў Шакунах у час першай сусветнай вайны).

З 1922 г. Р.Р.Шырма вёў актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць ў Заходняй Беларусі, выступаў з лекцыямі, артыкуламі, выдаваў зборнікі твораў беларускіх аўтараў (М.Танка, М.Васілька, С.Крыўца і інш.). У 1927 – 1936 гг. з’яўляўся адным з кіраўнікоў культурна-асветніцкай арганізацыі “Таварыства беларускай школы”, рэдагаваў часопісы “Летапіс ТБШ” і “Беларускі летапіс”, супрацоўнічаў з выданнямі “Калоссе” і “Наша воля”, займаўся стварэннем беларускіх школ. За сваю дзейнасць двойчы арыштоўваўся, адбываў прысуд у віленскай турме “Лукішкі”.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР 1 лістапада 1939 г. Шырма атрымаў мандат на стварэнне прафесійнага беларускага калектыву. У 1940 г. у Беластоку ён арганізаваў і ўзначаліў Беларускі ансамбль песні і танца (з 1950 г. – Дзяржаўны акадэмічны хор БССР, 1957 – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР, з 1978 – носіць імя Р.Р.Шырмы), які ўжо у канцы 1940 г. выстуіў у Мінску, а ў маі 1941 г. – на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Вялікая Айчынная вайна заспела калектыў на гастролях у РСФСР, адкуль ён выехаў на Каўказ, а потым у Краснаярск. Там Шырма быў арыштаваны органамі НКУС і знаходзіўся ў турме да сакавіка 1942 г. Апасля быў перавезены ў Маскву на Лубянку, утрымліваўся да жніўня 1942 г. Быў вызвалены па хадатайніцтве Я.Коласа перад П.Панамарэнкам і высланы у Паўночны Казахстан, дзе працаваў настаўнікам у школе.

У 1943 г. Шырме дазволілі вярнуцца ў ансамбль. Калектыў даваў канцэрты для гарнякоў і сталевараў Кузбаса і Урала, працаўнікоў вёскі, параненых у шпіталях, байцоў І-га Беларускага фронту. У ліпені 1944 г. ансамбль вярнуўся ў Мінск. З восені 1944 г. ён працаваў у Гродне. У гэты час з калектывам супрацоўнічалі вядомыя беларускія кампазітары – М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі, П.Падкавыраў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Н.Сакалоўскі, Д.Лукас і інш. У 1952 г. хор ізноў вярнуўся ў Мінск. У 1955 г. ён з поспехам выступіў на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Капэла пад кіраўніцтвам Р.Р.Шырмы стала выдатным харавым калектывам, які адрознівала высокае спеўнае майстэрства.

З 1964 г. Рыгор Раманавіч быў адным з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой”.

У 1970 г. Шырма звольніўся з пасады мастацкага кіраўніка капэлы.

У 1966 – 1978 гг. ён з’яўляўся страшынёй праўлення Саюза кампазітараў БССР і сакратаром праўлення Саюза кампазіатараў СССР, з 1966 г. – сябрай Саюза пісьменнікаў СССР, у 1955 – 1978 гг. – дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1959 г. – членам КПСС.

Памёр 23 сакавіка 1978 г. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінск.

Рыгор Раманавіч Шырма быў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939 – 1970), лаўрэатам Дзяржаўных прэмій БССР (1966, 1974), Заслужаным дзеячам мастацтваў БССР (1946), Народным артыстам БССР (1949), Народным артыстам СССР (1955), Героем Сацыялістычнай Працы (1977). Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, ордэнам Кірылы і Мяфодзія ІІ-й ступені (Балгарыя).

Ён сабраў больш за 5 тыс. беларускіх народных песень, якія былі апублікаваны ў зборніках: “Беларускія народныя песні” (1929), “Наша песня” (1938), “Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі” (1947), “Беларускія песні” (1955), “Школьны спеўнік” (1957), “Выбраныя песні з рэпертуару Дзяржаўнага хору БССР” (1958), “Дзвесце беларускіх народных песень” (1958), “Беларускія народныя песні” (т. 1 – 4, 1959, 1960, 1962, 1976), “Спявае Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР” (1966), “Беларускія народныя песні (для хору)” (т. 1 – 2, 1971, 1973), а таксама ў кнігах “Песня – душа народа: Публіцыстыка; Фальклор; Музыка; Літаратура: 1929 – 1939; 1944 – 1974” (1976) і “Песня – душа народа: З літаратурнай спадчыны” (1993).

Імя Р.Р.Шырмы носяць заснаваная ім Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі, Дзіцячая школа мастацтваў г.Пружаны і Дзіцячая музычная школа № 8 г.Мінск, Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж, малая зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі, вуліцы ў Мінску, Пружанах, Рэчыцы і інш. У Дзіцячай школе мастацтваў г.Пружаны існуе мамарыяльны пакой-музей, прысвечаны памяці вялікага земляка, у сярэдняй школе № 150 г.Мінска – экспазіцыя, прысвечаная творчасці Шырмы.

Добавить комментарий